15-16 жніўня 2009 г. Вандроўка з намётамі: Менск - Барысаў - г.п. Бобр

Автор
x_7ff29237.jpg

Гэта была апошняя нашая вандроўка з начлегам у гэтае лета. Чаму — чытайце ніжэй.

15 жніўня ў 9 гадзін раніцы чацвёра адважных людзей, сярод якіх нашыя два заўзятыя турысты Яўген і Васіль, а таксама “навабранец” Анатоль і першая дзяўчына, якая выявіла жаданне паудзельнічаць у нашым культурным мерапрыемстве, Алена, селі на электрацягнік да Барысава. Вёска Бобр, да якой мы ехалі знаходзіцца далей, але мы вырашылі па дарозе туды зазірнуць у вялікі прамысловы і футбольны беларускі горад. Праз паўтары гадзіны мы былі ў Барысаве. Купіўшы білеты на электрычку да станцыі Бобр, мы пайшлі гуляць, бо ў запасе ў нас была яшчэ адна гадзіна. Прайшоўшы па галоўнаму гарадскому праспекту, мы зайшлі ў гарадскі парк, дзе трошкі пасядзелі, адпачылі і паглядзелі на прыгожыя паркавыя скульптуры.

Часу ў нас было немнога і мы пашлі на вакзал, не забыўшы сфатаграфавацца ў гэтым знакамітым горадзе. Мы хутка селі на цягнік і крыху меньш чым праз гадзіну прыехалі на доўгачаканую станцыю Бобр. Арыентуючыся па карце, мы шукалі месца для адпачынку. Шлях быў прама кажучы нялёгкі: адлегласць, сумкі, лужыны на дарогах, высокая і густая трава — усё гэта прыйшлося перанесці. Нарэшце мы сталі на месцы каля ракі Бобр — гэта была паляна, дзе, мабыць, ніколі не спыняліся турысты. Прыйшлося цягаць камені, каб зрабіць вогнішча, і ісці ў балотны і мокры лес за дровамі. Хлопцы хадзілі па дровы, а Алена потым мыла ўвесь посуд. Дзякуй Богу, што была паблізу крыніца, каб набраць вады для гатавання ежы, бо бераг у ракі быў амаль непадступным для людзей, ды і вада ў рацэ была як у балоце — стаячай і поўнай водарасцей. Нам не прыйшлося пакупацца яшчэ і з-за не вельмі цёплага надвор’я, якое сваёй сырасцю перашкаджала нам распальваць касцёр. Мы хадзілі за сасновымі дровамі далёка ў суседні лес, дзе яны былі адносна сухімі. Распаліўшы касцёр мабыць з дзясятага разу, мы прыгатавалі макароны з мясам. Павячэраўшы, мы доўга гаманілі і абмяркоўвалі планы на наступны дзень.

Ноч была халоднаю, але мы добра падрыхтаваліся да яе, узяўшы цёплыя рэчы. Але ўсё ж такі больш прыемна было б начаваць так дзесьці ў ліпені ці ў чэрвені, калі ў намёце цёпла.
У наступную раніцу, калі ўсё навокал (і дровы) было мокрым, мы актыўна, амаль да абеду, змагаліся з сырымі дровамі за рысавую кашу з малаком. Але Галадамор не паўтарыўся: мы зварылі кашу і нават паджарылі трошкі мяса. Дапіўшы газіраваныя напоі і сабраўшы ўсе нашыя рэчы, мы пачалі рухацца ў напрамку вёскі Бобр.

Перайшоўшы вялізны мост праз аднаіменную рэку і прайшоўшы кіламетры паўтары, мы апынуліся ў вёсцы.
Сюды мы прыйшлі, каб сустрэць вядомага ў нашай краіне мастака Алеся Пушкіна. Спытаўшы ў мясцовых жыхароў, дзе ён жыве, мы хутка знайшлі яго хату, якую адразу можна было пазнаць па нацыянальным беларускім сімвалам, якія мы ўбачылі на яго хаце яшчэ здалёк. Мастак запрасіў нас у сваю хату, дзе паказаў нам на камп’ютары свае працы: абразы, партрэты, малюнкі сацыяльна-палітычнага напрамку. Таксама у пакоях хаты мы ўбачылі многа цудоўных прац Алеся Пушкіна, а таксама вялікую бібліятэку. Мастак паказаў нам фільмы пра сваё жыццё: пра Купалле ў Бабры, пра святкаванне Дня Волі ў яго вёсцы. На развітанне мы ўсе сфатаграфаваліся з Алесем Пушкіным.

Пасля мы хутка, каб не спазніцца, пайшлі на станцыю, дзе селі на цягнік і праз дзве с паловай гадзіны былі ў Менску.

Трэба адзначыць, что вандроўка была самай цяжкай з усіх папярэдніх, але ўсё ж такі мы былі задаволены ёй, так як пабачылі і перажылі многа новага і цікавага. Вялікі дзякуй усім удзельнікам вандроўкі. Асаблівую ўдзячнасць варта выказаць самай моцнай і адважнай дзяўчыне — Алене, якая стойка вытрымала ўсе непрадугледжанасці і цяжкасці нашага падарожжа.

http://vkontakte.ru/club10067725

http://razamtur-by.livejournal.com/

Bobr-APhome.jpg

Добрае падарожжа, хлопцы і шаноўная спадарыня.
Ведаю тыя мясьціны. Дадаю свой ўласны здымак 2009 года, можа ён нагадае вам штосьці.
жБ!