Паводка (паездка) была неверагоднай

Автор

Памятаеце вершык пра дзесяць негрыцянятаў? Цягам вершыка тых негрыцянятаў станавілася ўсё менш, пакуль, у выніку, яны не зніклі ўсе.
У нашай паездцы было не так жорстка, але падобна.
Адразу, калі толькі пакатушка стварылася, я ажно спалохаўся – усяго чалавек пятнаццаць збіралася! Але час ішоў, нехта перакідваўся на іншыя паездкі, у некага не атрымлівалася… Карацей, за два дні да паездкі на вакзале купляліся квіткі на шэсць чалавек.
У пятніцу (дзень паездкі) раптам высветлілася, што адзін з гэтых шасці захварэў, прычым захварэў даволі сур’ёзна і ехаць не зможа. Што ж, нас засталося пяць! А калі прагучаў свісток, зачыніліся дзверы і цягнік першы раз грукнуў коламі, я зірнуў у вакно і пабачыў, як на платформу заязжала дзяўчына на ровары з напакаваным багажнікам. І тут я зразумеў, што нас засталося чацвёра. І вось так, учатырох, мы даехалі да Калінкавічаў. Там мы пераселі на электрычку (вось пара фотак),

і а палове адзінаццатай раніцы дабраліся да Жыткавічаў, дзе і пераселі на ровары.

На Палессі, вядома, цяплей, чым у Мінску. Снегу няма, толькі лёд дзе-нідзе яшчэ не паспеў растаць. Як, напрыклад, тут.

Дарога чыстая, машын мала, ветру няма, горкі адсутнічаюць… Ехаць – адно задавальненне! Так мы з задавальненнем і ехалі, пакуль не дабраліся да самой Прыпяці! Сталі на мосце, паглядзелі, а я яшчэ пафатаграфаваў. На жаль, фотаапарат у мяне так сабе, ды й фатограф я адносны, таму і фатаграфіі не надта якасныя.

Ад моста зусім недалёка было да Турава. Там мы вырашылі затрымацца трохі, паглядзець на горад, паабедаць. Праўда, затрымацца давялося на большы час, чым мы планавалі. Олі стала блага, давялося адправіць яе ў Мінск аўтобусам. Такім чынам, засталося нас трое. Дарэчы, вось так выглядае паводка ў Тураве.

дубли фото удалены. просьба уменьшить картинки до 800х800

Пакуль адно, другое, трэцяе, пакуль Оля паехала – дык ужо і дождж пачаўся. Едзем, мокнем, перыядычна спыняемся, каб схавацца ад дажджу, потым зноў рушым у дарогу, і ўсё прыглядаемся, дзе б гэта нам спыніцца на ноч. А з гэтым на Палессі падчас паводкі цяжка – усё заліта. Але ўсё ж знайшлі лясок ля вёскі Альшаны, дый там і сталі.

Лірычнае адступленне: у першы дзень мы пераехалі мяжу вобласцяў – з Гомельскай трапілі ў Брэсцкую. І калі глядзець староннім вокам (як нашым, напрыклад), дык яскрава відно, што Брэстчына багацейшая. Дамы дыхтоўныя, гароды дагледжаныя, платы не валяцца, цяпліцы паўсюль стаяць… Карацей кажучы, жывуць гаспадары. Але пры гэтым паўсюль шмат бруду. Уздоўж дарогі, у лясках, на палях, дзе можна і дзе нельга – суцэльныя звалкі. Пластыкавыя бутэлькі, разбітыя газавыя пліты, чорт ведама што і чорт ведама дзе. Прычым – падкрэслю яшчэ раз – гэтак паўсюль. Нават у тым ляску, дзе мы спынілся (прыгожым, сухім, хваёвым), і тое паўсюль параскідана рознае смецце.
Раніцай мы прачнуліся з узыходам сонца. Вось яно.

Дзень быў сонечны, цёплы. Праўда, вецер даволі моцны і ў твар. Але мы паснедалі, сабраліся ды паехалі. На жаль, акумулятар у фотаапарата здох зусім, таму фотак больш не было, пра што мы не раз пашкадавалі. Ехалі мы ў кірунку Століна ў асноўным уздоўж Гарыні. Вакол – вада і сонца, сонца і вада. Прыгажосць нечуваная. Толькі што вецер… Але мы яго пераадолелі.

У дызель селі на станцыі Гарынь а шостай вечара. А апоўначы ўжо былі ў Мінску.
Я быў стамлёны і брудны. Прыехаў дамоў, паваліўся спаць. Раніцай прачнуўся і падумаў: “Калі ў мяне будзе час, каб зноў паехаць на Прыпяць?”

Аўтар: Ігар Skrypka
дзкую яму за справаздачу!!