Туризм и спорт в Беларуси. Свободный сайт для планирования событий спортивной и туристической тематики. Здесь те, кто гоняет во всю мощь.
Справаздача аб пешаходным падарожжы па польскай частцы Высокіх і Заходніх Татраў, здзейсненым з 1 па 11 траўня 2014 г.
Анонс паездкі тут: https://poehali.net/forum/turizm/pohody/polskie-vysokie-tatry-1-11-maya-2014-g.--peshkom/
Дзень першы - 2 траўня
Закапанэ - Кіры - Даліна Касцеліска - схроніска на паляне Орнак - пер. Ментусі - пер. Кандрацкі - схроніска на паляне Кандратавай - Кузніцэ - Закапанэ
Зранку прыехалі ў Закапанэ. Па парадку і ў адпаведнасці з планам пачалі з набыцця ежы на ўвесь час нашага знаходжання ў Татрах (набывалі ў супермаркеце Tesco, Chramcowki 30). Было набыта колькі пакетаў супоў, кісялі, кава, какава, гарбата, печыва, сухафрукты, лядзяшы, рыбныя кансервы, кілбасы, сыр, хлебцы.
Далей па плану было набыццё польскай карткі для мабільнай сувязі ды інтэрнета. Спыніліся на аператары Plus - ён мае найлепшае пакрыццё ў Татрах, нават тэлефон ратаўнікоў заўсёды пазначаны разам с выявай Plus. Пасля гэтага невялічкая перапакоўка заплечнікаў, размеркаванне вагі і г.д.
Далей вызначыліся з месцазнаходжаннем прыпынкаў маршрутак, якія возяць у накірунку на Кіры. Прыпынак знайшлі хутка – недалёка ад асноўнага будынка аўтавакзала. Зручна, што адсюль выпраўляюцца маршруткі ў ва ўсіх патрэбных нам накірунках.
Чакаць шмат не прыйшлося. Вадзіцель шпарка зазываў шматлікіх турыстаў у салон аўтобуса. У іх тут, відаць, свае дамовы – не чакалі, калі салон запоўніцца нават і напалову і хутка выправіліся ў напрамку даліны Касцеліска. Кошт праезда выйшаў па 6 злотых з чалавека.
Дабраліся за 10 хвілін. З вокнаў маршруткі адразу ж прыкмецілі, што народу сапраўды шмат – ня дзіва – надвор’е сёння добрае, ды і пачатак нашага маршрута – вельмі папулярны і даступны трэкерам ўсіх узростаў.
На ўваходзе ў Нацыянальны парк Татранскі невялічкая чарга. Сістэма аплаты наведвання даволі зручная. Усе тыпы квіткоў ужо не ўзгадаць, але дакладна быў і на адзін дзень знаходжання (~6 злотых), і для моладзі, і дарослых і г.д. Паколькі мы планавалі знаходзіцца 7-8 дзён, то набылі квіток на 7 дзён (25 злотых) для кожнага.
Супрацоўнікі парка, не асабліва ўважліва зірнуўшы ў нашыя квіткі, хутка прамовілі “Прошэ”, і мы, нарэшце, апынуліся на тэрыторыі парка.
Адразу кідаецца ў вочы, што тут ужо зусім няма снегу. Народу шмат. Шмат з дзецьмі, шмат старых - умовы сапраўды нядрэнныя, каб парк змаглі наведаць усе, хто хоча. Гэта самы просты маршрут, які вядзе да схроніска Орнак - нашай першай запланаванай начоўкі.
Вялікая колькасць людзей вымусіла нас амаль адразу змяніць свае планы па наведванні пячораў.
Усе маршруты па іх ідуць у адым накірунку, таму што лазы вельмі вузкія. Тут трэба дадаць, што нашыя заплечнікі ўсё-ж не падыходзілі па памерах да 45 – 50 літраў, таму пачалі сумнявацца ў тым, што спадабаецца лазаць сярод натоўпу і церціся аб сцены пячораў. Вырашылі мінаць іх і, магчыма, з-за атрыманага дадатковага часу скарэктаваць маршрут, як прыйдзем у схроніск.
Ужо на шляху да схроніска патроху накрапваў дождж. Калі дайшлі да схроніска (прыблізна 11 з нечым гадзін), то і зусім узмацніўся. Высвятлілася, што на конт начлегу яны (у схроніску) будуць ведаць толькі пасля 18 гадзін. Народу тутка таксама шмат. Вядома, што большасць тут толькі на пару гадзінаў – туды і назад, але маршрут даволі лёккі, таму і ў схроніску яшчэ невядома, ці будуць месцы не на падлозе. Але асноўнае – не хацелася губляць час у гэтай частцы маршрута, тым больш, што і ісці асабліва няма куды было ўжо. Як ужо казаў, па плане мы павінны былі яшчэ аглядаць пячоры, а мы іх мінулі, ды і хуткасць нармалёвую развілі. Пакуль чакалі, калі сціхне дождж, вырашылі – ідзем да наступнага схроніска. Гэта азначала, што вяртаемся амаль што ў пачатак.
Пакуль ішлі да патрэбнага ўказальніка – яшчэ раз упэўніліся: нягледзячы на дождж, народу прыбывае.
Збочыўшы ў патрэбным накірунку, адразу было заўважна – наколькі паменшылася тут колькасць наведвальнікаў.
Далей рухаемся па чорным шляху - гэта так званая Droga nad Reglami. Наперадзе - падъём да пер. Ментусі (1189 м). Паціху пачынае накрапваць дождж, надвор’е пагаршаецца. Пасля спуску з перавала шлях пераўтварыўся ў сапраўднае бруднае месіва - але мы ўжо мокрыя, і не звяртаем ўвагі.
Даходзім да скрыжавання з жоўтым шляхам - далей нам ісці па ім да пер. Кандрацкага (1725 м). Да бруду тут дадаўся яшчэ і снег, ды пачаліся крутыя пад’ёмы.
Трэба адзначыць, што к гэтаму моманту мы ўжо не толькі падмоклі, але і неслаба стаміліся - вага сырых заплечнікаў набліжалася да 20 кг, што зусім не нагадвала запланаваны лёгкі трэкінг “па-еўрапейску”.
Ўзабраліся на перавал, адпачылі. Прайшлі яшчэ метраў 300, і зразумелі, што з заплечнікамі не здолеем туды залезці. Гевант накрыў такі туман, што ісці туды было б нават небяспечна. Варыянт быў толькі скідаць заплечнікі, і ісці радыяльна - але на жаль, тут было шмат народу, і не было дзе незаўважна іх схаваць. Нарэшце вырашылі, что сёння не лёс нам туды трапіць - у іншы раз, і пачалі спускацца па блакітным шляху да схроніска на Кандратавай паляне.
Калі дасягнулі прытулку - надвор’е заўважна палепшала, выглянула сонца.
Высветлілася, што тут ёсць месцы толькі на падлозе - каштуе 25 зл. з асобы, а засяленне толькі ў 22 гадзіны. Узялі гарачага піва, і за ежаю вырашылі, што не варта чакаць засялення, а трэба спускацца ніжэй, да гатэлю на Калатувках. Дарэчы і часу да 22 гадзінаў было яшчэ шмат, таму, ўлічваючы, што рэчы раскласці месца не было і пасушыцца нармалёва таксама - вырашылі ісці ніжэй. На фота - схроніска на Кандратавай паляне.
Праз 20 хвілін мы былі ўжо ля гатэлю. Высветлілася, што начлег у двухпакаёвым нумары каштуе 80 зл. з асобы, але ацяпленне ў будынку не працуе, таму не будзе магчымасці прасушыць мокрыя рэчы. Таму вырашылі спускацца ў Закапанэ, спадзяючыся на лепшыя варыянты.
Яшчэ 25 хвілін заняў спуск да Кузніцэ. Адсюль можна падняцца лінным шляхам на Каспровы Верх.
Тут жа канцавы прыпынак маршрутак - за 3 зл. з асобы хутка дабраліся да Закапанэ. Трэба адзначыць, што мы арыентаваліся на варыянты начлегу, апісаныя ў справаздачы за 2002 год. Але, як паказала практыка - ўсё змяняецца за гэты час, таму не знайшлі ні хостэлаў, ні дому турыста, якія там былі пазначаныя. Быў ужо позні вечар - у гатэлях заставаліся толькі дарагія апартаменты, у хостэлу нам адмовілі ў пасяленні без рэзервацыі. Таму без ваганняў згадзіліся на прапанову начлегу ў Ольчы (Olcza), што недалёка ад Закапанэ, у прыватным доме за 50 зл. з асобы, ад мясцовага жыхара, што дзяжурыў ля аўтавакзала.
Дзень другі - 3 траўня
Закапанэ - Кузніцэ - жоўты шлях да схроніска “Мураванец”
На сёння распланавалі дзень так: пакінуць частку непатрэбных рэчаў ў камеры зберагання, дабрацца да Кузніцэ, а з Кузніцэ прайсці да схроніска Мураванец.
Да Закапанэ хутка дабраліся на маршрутке. Камеры зберагання ёсць і на аўтобусовым вакзале, таксама і на чыгуначным. Аднак чыгуначны вакзал выглядае больш прывабным ў гэтым плане - больш свабодных камер, зачыняецца на кароткі тэрмін. Скінулі тут газавую гарэлку з балонамі, сістэмы, карабіны і вяроўку, адзін з фотаапаратаў, частку ежы. Па умовах карыстання камерай - мы павінны забраць рэчы ці працягнуць карыстанне праз трое сутак. Кошт - 9 зл. за суткі.
Маршруткі на Кузніцэ адпраўляюцца з ужо знаёмага прыпынка, кошт - 3 злотых. Даехалі да Кузніцэ. Выйшлі на жоўты маршрут.
Надвор’е сёння ізноў вільготнае - дождж, туман. Амаль нічога ня бачна на шляху.
Дайшлі да схроніска за 2 с паловай гадзіны. Ізноў прыемна бачыць месца, дзе ты пасля дарогі можаш адпачыць, паесці ды выпіць гарачага, дазнацца інфу аб надвор’і. Мы, адразу высвятліўшы, ці ёсць месцы ў пакоях, засяляемся ў пакой на 4-ры асобы (нары з бялізнаю і коўдрамі). Кошт - 67 зл. з асобы.
Ёсць душ на калідоры, ды сушыльня для адзення/абутку, на рэцэпцыі размаўляюць па-ангельску. Не паспелі засяліцца - як пайшоў снег, які працягваўся ўвесь вечар.
У схроніску сёння шмат народу - уся сталоўка запоўненая. Нездзіўляльна - выходныя, ды 3 траўня - Дзень Канстытуцыі, нацыянальнае свята Польшчы.
Астатак дня быў праведзены ў адпачынку ды размовах з нашымі суседзямі па пакоі. Дазналіся карысную інфармацыю пра трасу “Шляху арла”. Галоўная выснова - абавязкова патрэбна браць кошкі ды ледарубы (дарэчы, іх мы ўзялі напракат у схроніску, кошт - 20 зл./суткі + залогавы кошт 100 зл.), нядрэнна было б і каскі таксама мець. Разумеем, што дарэмна пакінулі вяроўку, карабіны, сістэмы ў Закапанэ. Але нашыя суседзі запэўніваюць, што хопіць ледарубаў і кошак. Заўтра пабачым.
Дзень трэці - 4 траўня
Радыялка на трасу “Шлях арла” са схроніска “Мураванец”
Надвор’е зранку выдалася пахмурнае ды туманнае - акрамя шляху, нічога вакол не бачна. Ўзяўшы з сабою сабраныя яшчэ ўчора штурмавыя заплечнікі з мінімумам рэчаў - вада, сухафрукты, спецрыштунак, навігацыйныя прылады - хутка выйшлі на блакітны шлях да Чорнага возера. Неўзабаве паказалася само возера, пакрытае вадкім льдом, ды патанулае ў тумане.
Ля вытокі з возера ў чыстым акне вады плавалі качкі - але непадалёк вісеў знак, які забараняў іх карміць. Абмежаваўшыся фотасессіяй, рушылі надалей.
Хутка пачаўся немалы ўхіл на шляху, і дасягнуўшы развілкі каля Змерзлага возера з жоўтым шляхам на пер. Козі, апранаем кошкі, ды бярэм у рукі ледарубы.
Далейшы шляк - блакітны, на пер. Заўрат. Ўхіл паступова расце, нарэшце пачаўся перавальны ўзлёт. Шмат снегу, ён плотны, месцамі слізкі. Ледаруб і кошкі добра трымаюць, і разумеем, што без іх тут было б цяжка. Выпускаем лавінную стужку - на ўсялякі выпадак.
Бачнасць амаль нулявая - толькі чуваць, як лёд на скалах трышчыць, пачынаючы таяць. Праз 30-45 хвілін працы мы на перавале.
Далейшы шлях - чырвоны, на захад, у напрамку гары Малы Козі Верх. Рушым па слядах прыблізна ў гэтым напрамку - але хутка разумеем, что гэты шлях - блакітны, да Даліны пяці азёраў, і ідзе ён ўніз, а нам трэба наверх, на хрыбет. Вяртаемся, і пачынаем шукаць чырвоныя меткі - але безпаспяхова. Адзіны варыянт - рушыць па камянях хрыбта згодна з навігатарам.
Здымаем кошкі, і лезем уверх - усё занесена снегам, да нас тут сёння дакладна нікога не было. Нарэшце - вось яна, чырвоная метка. Упэўніўшыся, што знаходзімся на правільным шляху, прыкінулі, што прайсці ўсю трасу зойме больш часу, чым планавалі.
Калі-некалі пачынае праясняцца, і тады становяцца бачныя велічэзныя пікі Свініца і Завратова Турня. Карыстаемся момантамі для агляданняў навакольнасцяў. Большасць ланцугоў - напалову ў снезе, пытаемся іх адкапаць, і рушым далей.
На камянях пад снегам трапляюцца меткі маршрута. С абодвух бакоў хрыбта - небяспечныя карнізы і амаль што адвесныя прорвы. Наперадзе - вяршыня Малы Козі Верх.
І тут заўважаем - сзаду нас даганяе чалавек. Апрануты ў звычайную грамадскую вопратку, не мае пры сабе аніякага спецрыштунку, толькі заплечнік. Спачатку ён ішоў за намі, карыстаючы выбітыя намі ступені, але хутка яму гэта надакучыла, і абагнаўшы нас, ён скрыўся наперадзе ў тумане.
Дасягныўшы вяршыні, дастаем “перавальныя” пачастункі, і адпачываем. Гэты невялічкі адрэзак ў 250 м ад перавала мы ішлі амаль што гадзіну.
Далей па шляху - ланцугі ўніз, тут сапраўды ўжо становіцца небяспечна.
І тут перад намі стала скала, залезці на якую здавалася вельмі цяжка, а ланцугоў не было. Але ж былі сляды таго дзівака без рыштунку - ён забраўся! Паспрабаваўшы лезці па яго слядах, вырашылі адступіць - надта небяспечна, ледзьве злезлі адтуль. Пачаліся думкі аб тым, што трэба вяртацца назад, бо далейшы бяспечны шлях быў проста нябачны. Узгадаліся сістэмы і вяроўка, якія так неабачліва былі пакінутыя ў Закапанэ.
Але спартовы інтарэс узяў сваё - з левага боку здаецца быў бачны абыход скалы - па крутым ухіле, заваленым снегам.
Страхуючыся ледарубам, асцярожна рушым у абыход - шлях супадае с навігатарам. І тут - бачым мацаванне для ланцуга, затым наступны ланцуг, і чырвоную метку. Узрадаваўшыся, шукаем, як прайсці - але ланцуг завалены снегам, адкопваць яго амаль што бессэнсоўна, а злева - круты ухіл у прорву, і нічога не бачна.
Першы з нас пачынае адкопваць ланцуг, і тут - вялізны кавалак снегу пад ім проста з’язджае ўніз, разам з ўбітым у яго ледарубам. Адна рука не можа ўтрымаць ланцуг - і вось ён ляціць уніз у снежную невядомасць.
За секунды набралася шалёная хуткасць - ледаруб адразу кудысьці ўляцеў, зарубіцца больш няма чым. Уніз па схіле, вольны палёт, удар, зноў слізгаценне. Нарэшце, схіл стаў болей палогім - удалося затармазіць. Жывы. І здаецца, цэлы. Пакуль толькі сінякі і драпіны, ды пацягнуў нагу. Проста неверагодна - вакол камяні ды скалы, гэта сапраўдны цуд, улічваючы, што падаў без шалома. Нават тэлефон працуе - выйшаў на сувязь. Потым - далей уніз, назад да схроніска, на сёння - хопіць прыгодаў.
Дзень чацвёрты - 5 траўня
Адпачынак: прагулкі ў напрамку пер. Кшыжнэ і пер. Карб са схроніска “Мураванец”
Зранку надвор’е дрэннае. Вырашаем адпачыць у схроніску і чакаць, пакуль развіднее. Пасля ўчорашняга здарэння - толькі асцярожныя прагулкі, бо ўсё баліць. План на сёння - прайсціся ў напрамку перавала Кшыжнэ, а калі здароўе дазволіць - то і разведаць падыход да перавалу Карб.
А пачатку дванаццатай гадзіны выйшлі са схроніску. Надвор’е цудоўнае - няма ветру, сонца прабіваецца праз аблокі. Жоўты шлях на пер. Кшыжнэ пачынаецца адразу ад схроніску. Спачатку спуск уніз - праз заснежаны лес, тут паўсюль цячэ талая вада зверху.
Потым падъём - выходзім з зоны лесу, шлях набірае вышыню праз жэрэп - альпійскую сасну.
Тут добрыя далягляды - бачна “Шлях арла”, пік Гранат, сам схроніска “Мураванец”.
І канешне, цалкам заснежаны Каспровы Верх - там яшчэ катаюцца на лыжах і сноўбордах.
Недалёка ад схроніска знаходзіцца ніжняя станцыя крэсельнага пад’ёмніка на вяршыню. Дарэчы, шмат хто дабіраецца да схроніска пешшу - з лыжамі, прымацаванымі да заплечніка, і ў пластыкавых ботах.
Нарэшце, нарабіўшы шмат цікавых здымкаў, вяртаемся назад. На фота - схроніска “Мураванец”
Становіцца цёпла, і снег актыўна тае. Пасля абеду паспрабуем падысьці да пер. Карб.
Пасля 17-ці выправіліся ў бок Чорнага возера, каб дабрацца да зялёнага шляху на перавал.
Але на самой справе шлях апынуўся чорным - і больш складаным. Круты пад’ём па камянях у пачатку змяніўся небяспечнымі схіламі са снежнікамі, дзе было куды ляцець.
Далей усё выглядала не менш непрыступным без рыштунку. Таму вырашылі не рызыкаваць - і нарабіўшы фотаздымкаў, пачалі спускацца ўніз, тым больш што час ішоў да цемры. Адсюль добрыя выгляды на “Шлях арла”, Каспровы Верх, ды Свініцкі перавал - ён аказаўся цалкам заснежаны.
Дзень пяты - 6 траўня
Схроніска “Мураванец” - блакітны шлях да Кузніцэ - Закапанэ - Паляна Паленіца - зялёны шлях да схроніска ў “Даліне пяці азёр польскіх”
Сёння скончыцца час у камерах зберагання на наш рыштунак. А гэта значыць, што далей усе рэчы дастануць з камеры і адправяць на захаванне кудысьці у невядомым напрамку. Карацей кажучы - будзе шмат турбот, каб вярнуць іх назад. Таму першы пункт у нашым плане - вяртанне у Закапанэ. Перапакоўка, ізноў жа закаванне часткі рэчаў у камерах, набыццё ежы. Затым шлях да схроніска ў Даліне пяці польскіх Ставаў (Даліне пяці азёр польскіх).
Надвор’е зранку бясхмарнае. Выпраўляемся са схроніску на Кузніцэ па блакітным шляху.
Здаўшы рэчы, сядаем на маршрутку да Паляны Паленіцы - праезд каштуе 10 зл., ехаць доўга, амаль гадзіну. Адсюль далей ідзе асфальтоўка да Марскога Вока - але масавы праезд транспарту далей забаронены, трэба ісці пешшу.
Пераапрануўшыся, рушым надалей з гадзіну да даліны Разтокі, дасягаем вадападаў Міцкевіча.
Тут пачынаецца зялёны шлях да самога схроніска ў Даліне пяці азёр. Хвілін праз 90 дасягаем выхаду з зоны лесу - пачынаецца снег і крутыя ўхілы. Хутка скрыжаванне - чорны шлях ведзе да схроніска, а ўздоўж яго - тросавая сістэма, з дапамогай якой наверх падымаюць прадукты і піва ў прытулак. Пад’ём займае амаль гадзіну, хаця па адлегласці гэта толькі 700 м.
Нарэшце мы ля прытулка - тут паўсюль снег, азёры, і горныя хрыбты. Вышыня - 1680 м, гэта самы высокі і недасягальны горны прытулак у Польшчы.
Замаўляем 4-х-мясцовы нумар - 46 зл. з асобы. Гэта пакой з мяккімі нарамі, бялізну можна не браць - так і зрабілі, бо мелі з сабою спальнікі. Нарэшце можна адпачыць, прыняць душ і выпіць піва ў атмасферы прытулку - а назаўтра даследаваць навакольныя прыгажосці.
Дзень шосты - 7 траўня
Радыялка: на гару Козі Верх і ў напрамку пер. Заўрат са схроніска ў “Даліне пяці азёр польскіх”
Цікава.. здаецца, што праходзіш такія адлегласці - Горы - усё навокал такое вялізарнае, а на самой справе ўсё вельмі блізка. Вось і на гэты раз мы проста з іншага боку маем магчымасць зазірнуць на пер. Заўрат, ды блізкія вяршыні накшталт Козьега Верха.
З ранку крыху чакалі, пакуль развіднее.
Нам сёння туды. Падыйшлі, паглядзелі як лепей ісці. Вырашылі, што пойдзем па камянях, дзе меньш за ўсё снега, хутчэй за ўсё меткі як раз пад снегам, таму - дакуль далезем, там і спынемся - рызыкаваць больш не хочацца.
На 2069 м вырашылі спыніць пад’ём, таму шта далей быў небяспечны снежнік, а мы яшчэ дагэтуль праглядзелі прыкладна, і адзначылі, што да вяршыні ў гэты месцы яшчэ ⅓ шляху.
Тым больш, што ад Заўрата пачалі наплываць аблокі на Козі Верх, бачна было, што надвор’е можа сапсавацца. Таму тут вырашылі адпачыць, пафатаграфаваць, ды проста насалодзіцца прыгажосцю наваколля.
Пасля адпачынку вырашылі, што як сыйдзем уніз, пойдзем да Заўрата - паглядзім, як ўсё выглядае пры нармалёвым надвор’і.
Унізе сустрэлі хлопца з дзяўчынай. Павіталіся, паразмаўлялі. Падказалі ім, як і дакуль мы дайшлі, і па якой прычыне да самога верха не палезлі. У іх былі прыгатаваныя ледарубы ды кошкі, таму, ўзаемна пажадаўшы поспехаў, разышліся. Мы яшчэ доўга азіраліся, каб адсачыць, як яны падымаюцца.
Праз паўтары гадзіны падышлі да ўзвышша каля г. Kolowa Czuba (2105 M), з відам на воз. Zadni Staw.
Тут і прыпыніліся, далей да Заўрата не ішлі - ён ужо адсюль быў бачны. Насупраць нас, за возерам і перавалам - ужо Славаччына. Пасядзелі, пафатаграфавалі, адпачылі і пайшлі ў зваротным напрамку.
Дзень сёмы - 8 траўня
Прагулка ў напрамку пер. Кшыжнэ і пер. Шпігласава са схроніска ў “Даліне пяці азёр польскіх”
Выправіліся ў напрамку пер. Кшыжнэ. На шляху шмат вады - надвор’е спрыяе і снег ужо багата падтаяў. Неўзабаве натрапілі на сімбал Татр - серну (козіцу па польску). Яна спакойна дала сябе пафатаграфаваць, але бяспечную адлегласць трымала.
Пафатаграфавалі і пайшлі далей.
Патроху трапляюцца снежныя выляты, вымушаюць нас рубіць добрыя ступені, каб бяспечна іх праходзіць.
Нажаль, адзін з такіх вылетаў даволі вялікі, і бачна, што ў нізе абрываецца прорвай - вырашаем, што тут трэба паварочваць.
Вяртаемся тым жа шляхам, і на скрыжаванні маршрутаў паварочваем ў напрамку пер. Шпігласава. Хацім падыйсьці да яго максімальна блізка, каб разглядзець сам перавал і пабачыць саму даліну з іншага ракурса. На фота - перавальны ўзлёт зблізку.
Леваруч заўважны дах аднаго з першых прытулкаў у гэтай даліне, які з’явіўся тут раней - ён і дагэтуль у добрым стане.
У схроніску ёсць яго фотаздымкі з мінуўшчыны. Нажаль шляха, які б праходзіў праз яго, каб разгледзіць бліжэй німа, таму працягваем ў напрамку Шпігласава.
Нарэшце дайшлі пад перавал, пафатаграфавалі, адпачылі.
Як вярнуліся ў схроніска, высвятлілася, што ў наш пакой падсялілі хлопца з дзяўчынай. Пазнаёміліся. Яны - палякі з Варшавы. Увечары былі доўгія размовы на розныя тэмы. Між тым сёння у схроніска быў добры вечар з гітарай і бардаўскай песняй. На колькі ж гэта класна - яшчэ пару гадзінаў таму ты мог ісці з ледарубам на перавал, спусціўся і адпачыў ш такіх выдатных умовах. Выдатны вечар атрымаўся - як раз падыходзіць для апошняга дня ў Татрах, таму што заўтра ўжо толькі ўніз.
Дзень восьмы - 9 траўня
Схроніска ў “Даліне пяці азёр польскіх” - зялёны шлях да Паляны Паленіца - Закапанэ
Сёння выходзім ў 7:30. Заплечнікі былі амаль сабраныя яшчэ з вечара. Сабралі іх, каб не перашкаджаць з ранку нашым суседзям.
Вырашылі спачатку паспрабаваць вярнуцца тым жа шляхам, як і падымаліся (чорным), але даволі хутка натрапілі на скелі, якія з ранку былі пакрытыя ільдом - месца было вельмі небяспечнае. Ад схроніска мы далека не адышлі, таму вырашылі, што вернемся назад і выйдзем на зялёны трэк - менш круты, а таксама новы для нас, і з магчымасцю пабачыць вадаспад Сіклава. Так і зрабілі.
Спяшаліся, каб паспець да 11:15 ў камеру зберагання за рэчамі. Ды на зваротным шляху анічога новага і не чакалі. Шчыра кажучы, склалася ўражанне, што ніхто там не палюе на тое, каб дачакацца хвіліну у хвіліну, і аднесці твой багаж кудысьці, калі ты пратэрмінаваў хвіліну-другую.
Перапакаваліся і зноў здалі амаль усе рэчы, каб зручна было хадзіць па Закапанэ, таму што да аўтобуса на Варшаву было шмат часу. Далей аглядалі сам горад.
Панарамныя здымкі
Пералік - у напрамку злева направа:
г. Каспровы Верх - г. Гевант - Закапанэ
http://goo.gl/jQrSXm?gdriveurl
г. Wlk. Koszysta, 2193 M - г. Waksmundzki Wierch, 2189 M - пер. Кшыжнэ - “Шлях арла”
http://goo.gl/AUCWtd?gdriveurl
г. Zolta Turnia, 2087 M - воз. Czarny Staw Gasiennicowy - “Шлях арла”
http://goo.gl/oz6cfM?gdriveurl
воз. Przedni Staw - г. Niedzwiedz, 1812 M - воз. Wielki Staw - пер. Шпігласова - воз. Czarny Staw
На заднім плане - Татры Славаччыны, і пік Рысы
http://goo.gl/of5I72?gdriveurl
г. Gladki Wierch, 2065 M - г. Walentkowy Wierch, 2156 M - воз. Zadni Staw - пер. Заўрат
http://goo.gl/q960dF?gdriveurl
Высновы